БАЦЬКА - Генерал Станіслаў
Булак-Балаховіч
10 лютага нарадзіўся славуты сын беларускае зямлі - яе абаронца
і нацыянальны герой генерал Станіслаў Булак-Балаховіч. Ён жыў, змагаўся
і паклаў сваё жыцце за волю Бацькаўшчыны.
Адвечная Памяць Героям!
 |
ПОКЛІЧ БАЦЬКІ
Праз цёмныя хмары на чуждай старонцэ
Зірнула на нас цёпла-радасна сонцэ,
І гоман пачуў я з роднай стараны:
«Свабода калоціцца ў нашэ ваконцэ,
За бацькаўшчыну ўсталі яе ўсе сыны!»
Сынкі! А мы штожа!
Нам будзе нягожа,
Каб мы не пайшлі на падмогу!
Сьмялей, не аглядайцесь,
Хутчэй сабірайцесь
І будзем гатовы ў дарогу!
СТАНІСЛАЎ БУЛАК-БАЛАХОВІЧ
(творчы пс. БАЦЬКА)
25.ХІ.1919, Рэвель.
|
За што ваяваў
Станіслаў Булак-Булаховіч?
Яшчэ пры жыцці генерал Станіслаў Булак-Балаховіч (1883-1939) стаў легендай.
Яго, абаронцу сялянскіх інтарэсаў, ужо ў маладыя гады называлі «бацькам».
Як сведамы антыкамуніст С.Булак-Балаховіч ваяваў у арміях розных дзяржаваў.
Ён узначальваў корпус генерала Юдзеніча ў 1919 годзе. Яго Беларускі
аддзел удзельнічаў у баях супроць Палескай групы Чырвонай арміі пад
час расейска-польскай вайны. А калі ў Рызе пачалася ганебная польска-расейская
змова супраць Беларусі, генерал зрабіў свой выбар.
У студзені 1920-га з аддзелам на паўтары тысячы шабляў генэрал быў прыняты
ў склад войска БНР. Яго армія ў верасні 1920 года пачала сваю вайну
(якую можна назваць беларуска-расейскай), за вызваленне Беларусі ад
бальшавікоў. Кавалерысты Балаховіча, якія сталі самай баяздольнай часткаю
гэтага войска, зьдзейсьнілі пераход з Латвіі на Палесьсе, ушчэнт разьбілі
67-мы полк хвалёнай 1-й коннай арміі чырвоных, узялі Пінск...
У лістападзе таго самага 1920 году ўжо 20-тысячная армія Булак-Балаховіча
распачала імклівы наступ усьцяж Прыпяці. У сярэдзіне лістапада, як сведчыў
на З'ездзе Случчыны стрыечны брат генерала Язэп Балаховіч, у войску
было ўжо каля 60 тысяч чалавек.
6 лістапада 1920 года балахоўцы перайшлі ў наступ па абодвух берагах
Прыпяці. 8 лістапада ўзялі Петрыкаў, выбіўшы з горада часціны 10-й дывізіі
чырвоных. Цэнтрам ваеннай і палітычнай дзейнасці С.Булак-Балаховіча
стаў Мазыр, адбіты ў бальшавікоў 10 лістапада. У гэты ж дзень балахоўцы
вызвалілі Каленкавічы (цяпер Калінкавічы). Далей беларуская армія працягвала
наступаць на Оўруч і Чарнобыль, а левым крылом - на Рэчыцу, якую жаўнеры
Балаховіча занялі раніцою 17 лістапада.
С.Булак-Балаховіч не толькі ваяваў, ён спрабаваў увасобіць у жыццё ідэю
беларускай дзяржаўнасці. Пры канцы верасня 1920 года ўзнік Беларускі
Палітычны Камітэт на чале з Вячаславам Адамовічам-старэйшым. Гэты камітэт
звярнуўся да генерала з лістом, у якім выказаў упэўненасць, што яго
«армія прынясе Беларусі сапраўдную вольнасць і магчымасць стварэння
свайго дзяржаўнага быту». Заняўшы Мазыр, С.Булак-Балаховіч абвясціў
сябе «начальнікам Беларускай Дзяржавы». Цывільную ўладу перадаў сябрам
Беларускага Палітычнага Камітэта, якія прыбылі з Варшавы ў Мазыр. Былі
нават выдадзеныя паштовыя маркі. На месцы спрабавалі ўтварыць органы
самакіравання.
Але цывільная праца працягвалася вельмі нядоўга. У ходзе ваенных дзеянняў
настаў пералом. Разгром у Крыме галоўных сілаў генерала Ўрангеля дазволіў
камандаванню Чырвонай арміі перакінуць у Беларусь значныя падмацаванні.
Пад іх націскам пачаўся адыход войска Булак-Балаховіча. 2-я пяхотная
дывізія нашых жаўнераў упарта абараняла Мазыр, але 20 лістапада 1920
года вымушана была пакінуць горад.
Нягледзячы на вялікія страты, асноўная частка беларускай арміі прабралася
праз заслоны 33-й кубанскай казацкай дывізіі, амаль знішчыўшы яе, і
24 лістапада фарсіравала раку Пціч. 26 лістапада рэшткі войска генерала
Булак-Балаховіча выйшлі праз Жыткавічы на польскі бок і былі раззброеныя.
У наступныя гады генерал працягваў барацьбу з бальшавікамі, фармаваў
партызанскія аддзелы і накіроўваў іх на тэрыторыю Савецкай Беларусі.
Да канца жыцця ён заставаўся на антыкамуністычных і антыфашысцкіх пазіцыях.
Загінуў Станіслаў Булак-Булаховіч у верасні 1939 года, пад час абароны
Варшавы ад нямецкіх захопнікаў.
Жывучы ў міжваеннай Польшчы брыгадны генэрал Балаховіч кіраваў Саюзам
былых удзельнікаў нацыянальных паўстаньняў. Ён быў перакананым антыфашыстам,
але яшчэ больш непахісным антыкамуністам, што прывяло яго ў армію Франка.
У верасьні 1939-га на чале аддзелу дабраахвотнікаў Балаховіч абараняў
Варшаву, а затым змагаўся з акупантамі ў шэрагах польскага Супраціву.
Памяць пра беларускага генэрала-незалежніка, застрэленага гестапаўцамі
пры спробе арышту, ушанаваная ў назьве вуліцы ў горадзе Белавежа на
Беласточчыне, есьсьць ганаровая табліца героя і ў Варшаве.
Партрэт супярэчлівай, але, безумоўна, выбітнай асобы Балаховіча будзе
няпоўным, калі не згадаць, што генэрал ня толькі ўсё жыцьцё не забываў
беларускай мовы, але і пісаў на ёй вершы.
Крыніца: Уласныя матэрыялы,
23.02.2006 Уладзімер Арлоў, Радыё Свабода
150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. Менск, 1999.